Культура и отдых
     
Четверг, 11 Январь 2018 12:18

Шчырасць праз аб’ектыў

Автор 
Оцените материал
(0 голосов)

Амаль два тыдні наведвальнікі маглі знаёміцца ў Цэнтры гарадскога жыцця г. Гродна з фотавыставай пад назвай “Шчырая фатаграфія” Аляксандры Зензінай. Яе арганізавала блізкая сяброўка Сашы і тым самым зрабіла ёй нечаканы падарунак.

Саша вельмі сціплая дзяўчына. Сяброўка Насця гэта добра ведала, таму і ініцыіравала выставу работ, каб дапамагчы ёй раскрыць свой талент.

– Я нават марыць баялася аб тым, што ў мяне будзе свая фотастудыя, – прызнаецца Саша, – а зараз ужо шукаю памяшканне, спадзяюся, праз месяцы два будзе яе адкрыццё.

Творчыя здольнасці Сашы запрыкмецілі яшчэ школьныя настаўнікі па выяўленчым мастацтве. Яны заўважылі, што ў дзяўчынкі ёсць добрае ўяўленне, фантазія, а тэхніка – рэч другасная, прыходзіць пад час навучання і развіцця. Гэта казалі яны Сашынай маме, і тая паклапацілася, каб дачка наведвала мастацкую школу. Хаця самой дзяўчынцы, па яе ж словах, маляванне не вельмі падабалася.

Першы фотаздымак Саша зрабіла на мамін тэлефон-раскладушку «Самсунг». Хацелася паставіць на застаўку прыгожае фота: яна паклала бусы, нешта з посуду, зняла, і атрымаўся класічны нацюрморт. А першая фотасесія была праведзена для дваюраднай сястрычкі на дачы.

– Там было шмат старога адзення, – успамінае дзяўчына, – і сястра апранала то адно, то другое, нешта смешнае, а я яе здымала на звычайную мыльніцу. Дарэчы, адно з тых фота, дзе яна стаіць спіной і трымае над галавой парэа, якое нагадвае неба, мяне натхняе да сённяшняга часу.

Саша паступіла ў Гродзенскі дзяржуніверсітэт на факультэт мастацтваў – на спецыяльнасць, звязаную з фатаграфіяй, якая як раз толькі адкрылася.

– Мяне вельмі падтрымала мама. Яна выхоўвала нас з братам адна і верыла ў мяне, гатова была нават прадаць нашу старэнькую «Газэль», каб купіць мне фотакамеру.

Саша любіць здымаць людзей.

– Трэба, каб чалавек рас-слабіўся і стаў сабой, – тлумачыць яна. – А калі часу няшмат, тады прашу, каб ён уявіў, што мы з ім размаўлялі вельмі доўга, і ён ужо стаміўся. У такім выпадку атрымліваецца вобраз натуральны, такі, які чалавек ёсць, калі знаходзіцца сам-насам. Альбо пачынаю больш размаўляць, каб ён забыўся, што яго здымаюць.

А яшчэ Сашы вельмі падабаецца адлюстроўваць закаханых, іх пачуцці. І калі яна здымае пару, то таксама просіць, каб хлопец з дзяўчынай паводзілі сябе так, быццам яны адны: як бы тады глядзелі адзін на аднаго, стаялі б побач ці разышліся ў бакі?

– Для мяне важна адлюстраваць душу. Ёсць здымкі высокай тэхнічнай якасці, але яны без душы. Я ж імкнуся адлюстраваць жывое, самае прыгожае, што ёсць у чалавеку.

Аляксандра лічыць людзей самым каштоўным тварэннем на зямлі.

– Я хачу, каб чалавек, гледзячы на сваё адлюстраванне, адчуваў сябе вартым, у яго падымалася самаацэнка, каб яго гэта натхняла, калі прыйдуць сумныя, цяжкія часы ў яго жыцці.

Для маладой дзяўчыны важна рабіць таксама сямейныя фотаздымкі. На адным з іх – рукі сталых людзей: гэта муж і жонка трымаюцца за рукі.

– Паглядзіце, колькі маршчын на гэтых руках. Гэта іх шматлікія дні: некаторыя з іх былі ў радасці, а некаторыя – у горы. Але на працягу ўсіх тых гадоў яны былі побач, праходзілі іх, трымаючы вось так за руку адзін аднаго.

На пытанне, чаму ёй падабаецца рабіць сямейныя фотаздымкі, Саша адказала:

– Ведаеце, калі людзі хочуць здымацца, як правіла, гэта значыць, што зараз у іх адзін з самых лепшых перыядаў у жыцці: яны добра ладзяць паміж сабой, задаволены адзін другім, – заўважае яна. – І вось калі наступіць цяжкі перыяд у іх адносінах, я хачу, каб яны ўзялі ў рукі тыя фотаздымкі і ўспомнілі, для чаго яны ажаніліся, тыя пачуцці, і гэта магло іх натхніць зноў паладзіць. Хачу, каб фота было іх візуальнай памяткай.

Саша плануе развівацца далей і марыць вучыцца ў школе фатографа тыпу Story Telling (фатаграфія, якая расказвае гісторыю). Такога кшталту школу яна знайшла ў Германіі і Аўстраліі. А пра будучую фотастудыю сказала, што хоча, каб у памяшканні пераважалі шэрыя колеры і было велізарнае акно, праз якое будзе падаць шмат дзённага святла, што зробіць здымак натуральным, і уся ўвага будзе скіравана на чалавека, каб яго, як кажуць, было на здымку многа.

Фота Аляксандры Зензінай.

 

 

Прочитано 431 раз Последнее изменение Четверг, 11 Январь 2018 10:38

Популярное

Сен 20, 2018 1045

Где в Гродненском районе клещ «лютует»? (Обновлено)

Информация о количестве обращений жителей г. Гродно и Гродненского района по поводу…
Сен 15, 2018 93

В Гродно встретили 60-тысячного безвизового туриста

Им оказался гражданин Норвегии Улауг Харольд Буш. Он – руководитель крупной компании по…

Календарь

« Сентябрь 2018 »
Пн Вт Ср Чт Пт Сб Вс
          1 2
3 4 5 6 7 8 9
10 11 12 13 14 15 16
17 18 19 20 21 22 23
24 25 26 27 28 29 30
 
 

 
 
1_izbircom.gif2_prezid.gif3_mininfo.gif4_pravo.gif5_obl.gif6_rajisp.gif7_gorisp.gif

Перепечатка материалов rgazeta.by c только с письменного разрешения редакции.
Обращайтесь: rgazeta@tut.by. Любые изменения текстов, заголовков, фотографий rgazeta.by при перепечатке ЗАПРЕЩЕНЫ.
Активная и индексируемая гиперссылка на источник материала обязательна.

Индекс цитирования   Яндекс.Метрика

Подпишись на RSS сайта.