Напярэдадні Міжнароднага дня роднай мовы, які адзначаецца 21-га лютага, у Гродзенскім аблвыканкаме правялі абласную дыктоўку. Ацаніць свае веды і валоданне беларускай мовай запрасілі супрацоўнікаў дзяржустановы. І хоць за партамі дарослым людзям давялося сядзець даўно, у гэтую пятніцу яны старанна выводзілі словы, успамінаючы свае школьныя гады.
– Нягледзячы на тое, што школу ўжо даўно скончылі і практыкі не так шмат з беларускай мовай, але ў памяці ўсё засталося. Вельмі прыемна было адчуць родную мову, і я ганаруся тым, што у мяне памылак не было, – дзеліцца ўражаннямі пасля дыктанту вядучы рэферэнт аддзела арганізацыйна-кадравай работы камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Тэрэса Кузьміцкая.
Яе падтрымлівае калега, галоўны спецыяліст аддзела працы і заробку камітэта па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Гродзенскага аблвыканкама Святлана Бусловіч:
– Ніводнай памылкі я не дапусціла, так што “дзесятка” цалкам заслужаная. Мой сын можа мной ганарыцца, я магу быць для яго прыкладам менавіта па беларускай мове, якую ён не вельмі добра ведае.
Разам з усімі прыняў удзел у абласной дыктоўцы намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама Віктар Пранюк. Ён прызнаўся, што такі вопыт быў вельмі цікавы, але не абыйшлося і без хвалявання: бо правяраць арфаграфію і пунктуацыю пасля школы, даводзілася хіба што ў сшытках сваіх дзяцей.
– Мова – тая частка нашай культуры, якая сёння аб’ядноўвае ўсіх жыхароў Беларусі. Таму менавіта беларуская павінна стаць тым, што аб’ядноўвае ўвесь наш народ. Таму, калі мы 2021 год абвясцілі Годам народнага адзінства, то беларуская мова з’яўляецца тым падмуркам, на якім будзе будавацца гэта адзінства, – падкрэсліў Віктар Пранюк.
Для сёлетнея дыктоўкі быў выбраны твор беларускага аўтара Янкі Сіпакова “Наш родны край”. Чытала тэкст настаўнік вышэйшай катэгорыі гімназіі №10 города Гродна Ірына Мялешка, укладваючы ў кажнае слова любоў да роднай мовы і зямлі.
– Тэкст вельмі прыгожы, мілы для душы і майго сэрца. Я думаю, усе тыя, хто пісалі гэты дыктант, таксама адчулі прыгажосць слова нашага пісьменніка Янкі Сіпакова. Тэкст быў не складаны, насычаны, канешне, знакамі прыпынку, але, лічу, усе тыя, хто ўважліва мяне слухалі, не дапусцілі памылак, – адзначыла Ірына Мялешка.
19 лютага напісаць дыктоўку змаглі таксама ўсе жадаючыя гродзенцы: падобныя мерапрыемствы прайшлі ў абласным інстытуце развіцця адукацыі і ў навуковай бібліятэцы імя Яўфіма Карскага. Тых, хто хацеў лішні раз упэўніцца, што добра ведае родную мову, было шмат. Напрыклад, у аблвыканкаме сабралася больш за 50 чалавек.
– Запрашалі ўсіх. Задавальненне – галоўны вынік. Мы не здавалі гэтыя дыктанты на праверку настаўніку. Ажыццяўлялася самаправерка тэксту, як на слых, так і шляхам параўнання з арыгіналам тэксту. Самае галоўнае, што ніхто не выйшаў з аўдыторыі без усмешкі, ніхто не забыўся пра тое, што ён беларус. Увогуле напісалі добра, у чым мы і не сумняваліся, прадэманстравалі дастойныя вынікі, – расказаў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Руслан Абрамчык.
Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі. Мова – гэта тое, што мы павінны берагчы і шанаваць. Яна жывая і непаўторная, “з легендаў і казак” сатканая, “вобразная і пявучая”. Тая, без якой не можа існаваць наш народ.
Фота Мікалай Лапін, відэа Юрыя Дубовіка