На Гродзеншчыне, дзе спрадвеку шануецца самабытная культура беларусаў, жывуць таленавітыя, вынаходлівыя і гасцінныя людзі, праходзіць адзін з самабытнейшых фестываляў “Скарбы Гродзеншчыны”, які і сёння не губляе сваёй актуальнасці. Нашы продкі ўмелі шанаваць духоўную спадчыну. І мы, сённяшнія, падхопліваем гэту надзвычай важную для нашага духоўнага развіцця навуку.
V юбілейны абласны фестываль традыцыйнай культуры “Скарбы Гродзеншчыны”, які пройдзе 6 жніўня 2022 года ў любімым месцы адпачынку жыхароў Смаргоні – парку на беразе Аксны, традыцыйна ахопіць усю Гродзенскую вобласць, прадставіць дасягненні рэгіянальнай культуры кожнай, нават самай маленечкай, вёсачкі.
Выбар месца фестывалю невыпадковы. У раённым цэнтры пражывае больш за 37 тысяч чалавек. Гісторыя горада звязана з мядзведзямі…
У XVII-XVIII стагоддзях у Смаргоні працавала знакамітая "мядзведжая акадэмія" – школа па дрэсіроўцы мядзведзяў. Касалапыя выхаванцы пацяшалі народ не толькі на кірмашах ВКЛ, але і Еўропы. Заснавалі мядзведжую школу Радзівілы, якія валодалі горадам. А мядзведзянятаў прыносілі з навакольных лясоў. Ёсць версія, што самых таленавітых мядзведзяў кармілі абаранкамі, якія ў горадзе выпякалі на працягу двух стагоддзяў. Больш таго, Смаргонь завуць радзімай абаранкаў і тут раз у два гады праходзіць брэндавае свята “Смаргонскія абаранкі”.
Смаргонская зямля стала радзімай і прытулкам для шматлікіх выдатных людзей. Так, пад Смаргонню (вёска Залессе) у сваім радавым гняздзе жыў кампазітар і дыпламат Міхал Клеафас Агінскі, які напісаў знакаміты паланэз "Развітанне з радзімай". Сядзіба Агінскіх – абавязковы пункт турыстычных маршрутаў па Смаргоні. А ў Кушлянах, недалёка ад райцэнтра, знаходзіцца сядзіба Францішка Багушэвіча, родапачынальніка беларускай літаратуры. У 2009 годзе ў Смаргоні ўсталявалі помнік пісьменніку – адзіны ў Беларусі.
Каб адчуць і зразумець гэты горад, трэба абавязкова дакрануцца да сцен абарончага касцёла Міхаіла Архангела і Спаса-Праабражэнскай царквы, наведаць аранжарэю "Зімовага саду", паспрабаваць на густ мясцовыя абаранкі, з’есці фірмовы смаргонскі пламбір з выявай мішкі і не забыцца зрабіць фотаздымкі каля помніка “Мядзведжая акадэмія” – адной з адметнасцяў Смаргоні!
6 жніўня на тэрыторыі гарадскога парку размесціцца цэлы горад майстроў, на вулачках якога можна будзе не толькі купіць вырабы, але і паспрабаваць сябе ў саломапляценні, вышыўцы, ганчарстве і іншых відах рамёстваў.
Падчас святочнага шэсця творчыя калектывы вобласці, майстры народнай творчасці і носьбіты традыцый у народных строях з песнямі і танцамі ўрачыста пройдуць на галоўную пляцоўку – у амфітэатр. Фестываль, які аб’ядноўвае людзей самых розных інтарэсаў і ўзростаў, прысвячаецца Году гістарычнай памяці. Сярод ганаровых гасцей – доктар-мастацтвазнаўца, прафесар, старшыня Саюза майстроў народнай творчасці Яўген Сахута – старшыня прафесійнага журы фестывалю.
Сцэна летняга амфітэатра на працягу дня не будзе пуставаць. Пасля ўрачыстага адкрыцця фестывалю тут пачнецца гала-канцэрт пераможцаў абласнога фестывалю рэгіянальнага фальклору “Панямоння жыватворныя крыніцы”. А затым адбудзецца канцэрт творчых калектываў Гродзенскага, Смаргонскага, Дзятлаўскага, І’ўеўскага, Лідскага, Карэліцкага, Астравецкага раёнаў “Люблю цябе, мой бераг родны…”, якія прысутных парадуюць непаўторнымі нумарамі. Словам, на сцэне будуць панаваць творчасць, шчырасць і музыка.
Склалася добрая традыцыя, што на гэтым свяце выступаюць вядомыя калектывы – прадстаўнікі іншых рэгіёнаў краіны. Хадлайнерамі гэтага свята беларускай культуры стануць Заслужаны аматарскі калектыў Рэспублікі Беларусь народны фальклорны гурт “Гасцінец” (аг. Ракаў Мінскай вобласці) і арт-гурт “Багач” (г. Мінск) – надзвычай харызматычныя, таленавітыя і вясёлыя калектывы, які спалучаюць этнічнае і сучаснае, выконваюць даўнейшыя беларускія песні ў новай апрацоўцы.
Якое ж свята без пачастунку! Для гасцей на падворках будуць працаваць і кропкі са стравамі беларускай кухні. Упершыню адбудзецца прэзентацыя элемента нематэрыльнай спадчыны “Стравы з таркаванай бульбы”, які ў маі бягучага года быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь.
Кожны раён прадставіць вельмі насычаную конкурсную праграму-прэзентацыю. Пачэснае месца зоймуць выстаўкі-прэзентацыі элементаў нематэрыяльнай культурнай спадчыны, занесеныя ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей Рэспублікі Беларусь. Дарэчы, падобнага фестывалю, дзе б традыцыйная культура была прадстаўлена настолькі цікава і шматбакова, больш няма ў рэспубліцы!
І яшчэ. Упершыню ў Смаргоні госці фестывалю будуць мець магчымасць падзівіцца на дэфіле ў народных строях “Дакрануцца да вытокаў” кожнага рэгіёну вобласці.
Наталля Рамановіч, намеснік дырэктара Гродзенскага абласнога метадычнага цэнтра народнай творчасці.