Назапашаны імі вопыт на мінулым тыдні пераймалі слухачы абласных курсаў павышэння кваліфікацыі.
Яшчэ ў аўтобусе гасцям прапанавалі краязнаўчы лекторый ад вядучага метадыста Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра Наталлі Рамановіч.
У Скідзельскай гарадской бібліятэцы сямейнага чытання ўсе разам абмеркавалі ролю кніжных храмаў ў сям’і. Карыснымі сталі для нашых калегаў і парады мясцовых захавальніц «ключэй ад мудрасці» наконт таго, якім чынам можна зрабіць літаратурныя юбілеі сапраўды запамінальнымі: да творчасці беларускіх і замежных пісьменнікаў прывабліваюць вечарынамі, кампазіцыямі, гадзінамі паэзіі, літаратурнымі гульнямі. Асобную ўвагу ўдзялілі выставачнай дзейнасці і супрацоўніцтву з установамі культуры. Каб стварыць і замацаваць станоўчы імідж бібліятэк, трэба шырока рэкламаваць сваю справу і паслугі. Запазычыць некаторыя ідэі можна было з відэароліка «Адзін дзень у бібліятэцы».
У Абухава ўдзельнікі курсаў завіталі ў «Сялянскую хату» цэнтра культуры. А на прыкладзе сельскай бібліятэкі-інфармацыйна-прававога цэнтра ўбачылі, што кніжніцы ў вясковай мясцовасці не толькі імкнуцца адпавядаць сучасным стандартам і заўсёды ісці насустрач чытачам, але і выконваюць вельмі высакародную місію – далучаюць дзяцей, моладзь і дарослых да аднаўлення і захавання памяці аб сваіх каранях, да вывучэння гісторыі малой радзімы, яе нацыянальных свят і абрадаў.
Вялікую цікавасць выклікаў у праваднікоў у чароўны свет кнігі фірмовы стыль Індурскай сельскай бібліятэкі. Не прайшлі яны таксама міма музея лялькі.
На працягу многіх гадоў скарбніцы ведаў спрыяюць развіццю краязнаўства. Інфармацыйныя тэхналогіі адкрылі для гэтага новыя магчымасці, у чым усе пераканаліся ў Квасоўской сельскай бібліятэцы. Уяўленне аб тым, як раней жылі і гулялі вясялле жыхары аграгарадка і ваколіц, далі выставы «Кароткі экскурс у гісторыю Квасоўкі», «Беларускае вяселле: традыцыі і сучаснасць», экспазіцыя фотаздымкаў з сямейных альбомаў «Вяселле ў маёй вёсцы».
Пад глыбокім уражаннем засталіся бібліятэкары Прынёмання і ад наведвання музея «Код памяці» ў вёсцы Зарачанка, дзе знайшлі адлюстраванне ўсе творчыя знаходкі работнікаў культуры Гродзенскага раёна.