3 ліпеня кожны госць канцэртна-забаўляльнай праграмы «Мир тебе, моя Беларусь» змог дакрануцца да адмысловых калекцый ручнікоў.
Работнікі аддзела этнаграфіі, фальклору і рамёстваў Гродзенскага раённага культурна-інфармацыйнага цэнтра дасталі з беларускага куфра сапраўдныя шэдэўры традыцыйных беларускіх тканін. Як адзначыла вядучы метадыст па рабоце ў вобласці традыцыйнай мастацкай культуры, нематэрыяльнай культурнай спадчыны і фальклору Наталля Рамановіч, галоўным экспанатам стаў выбітны і непаўторны ручнік малой радзімы. Майстры раёна вышылі 17 частак, 15 «неафіцыйных» гербаў нашых населеных пунктаў, якія злучыліся ў 20 метрах гісторыі лёгкімі, прыгожымі карункамі. У незвычайным тканым вырабе сустрэліся сапоцкінская пісанка, адэльскі млын, герб Скідзеля, сядзіба Марты Красінскай…
Гэтая выстава – свое-асаблівы анонс таго, што можна ўбачыць ў музеі беларускага ручніка «Мелодыя ручніка» у вёсцы Зарачанка. Кожнае з надзіва прыгожых ільняных палотнаў, якія вярнулі з небыцця работнікі культуры Гродзенскага раёна, – зашыфраваная аповесць аб жыцці беларускага народа. «Прачытала» яе ўсім жадаючым майстар Адэльскага цэнтра культуры і народнай творчасці Наталля Кавалькова. Дарэчы, унікальны ручнік «Мелодыя ручніка», які займае цэнтральнае месца ў музеі, як і ручнік Адэльска, – справа залатых рук Наталлі Мікалаеўны.