«Зімовая казка» пасялілася ў Цэнтры творчасці дзяцей і моладзі «Спектр» г. Гродна да сярэдзіны лютага.
Чым «пахне» зіма ў дзяўчынак і хлапчукоў ад 6 да 15 гадоў? Казкай, цудам і чараўніцтвам! У гэтым могуць пераканацца наведвальнікі выставы «Зімовая казка» ў ЦТДіМ «Спектр» г. Гродна. Як паведаміла загадчыца аддзела дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва Ірына Хобец, на ёй прадстаўлена больш за 70 работ навучэнцаў аб'яднанняў па інтарэсах дэкаратыўна-прыкладной творчасці і выяўленчага мастацтва. Яны створаны ў розных тэхніках. Гэта роспіс па дрэве і шкле, цацкі з фетру і фаамірану, пляценне з бісеру, валянне з воўны, кераміка, выцінанка…
Чаканне навагодніх і калядных свят, радасць, дабрыню, шчырасць выпраменьваюць малюнкі юных мастакоў, якія выкананы гуашшу, акварэллю, пастэллю і акрылавымі фарбамі. Прывабліваюць увагу разнастайныя вырабы і сувеніры для навагодняга ўпрыгожвання ад аматараў рукадзелля. Сярод іх – сімвалы 2023 года, елкі, рознакаляровыя боцікі, сямейка снегавічкоў і пінгвінаў, елачныя цацкі, ліхтары, маскі калядных герояў, калядныя вяночкі. Дарэчы, самых актыўных удзельніц выставы Карыну Антончык, Аляксандру Сямёнаву, Юлію Езафілаву, Караліну Лябецкую, Аляксандру Клімянкову, Арыяну Елісееву і Марыю Манейка ўзнагародзілі граматамі і салодкімі падарункамі.