Дзяды – самае містычнае і старажытнае свята беларускага народнага календара, якое ўзнікла за тысячагоддзі да прыходу хрысціянства на землі Беларусі. Гэта дзень сустрэчы з душамі памерлых, іх ушанавання. Кандыдат філалагічных навук, дацэнт ГрДУ імя Я. Купалы, фалькларыст Руслан КАЗЛОЎСКI расказаў пра гэта свята.
– Раней нашы продкі таксама адзначалі Дзяды 2 лістапада?
– Восеньскія дзяды адзначалі на Магілёўшчыне і Гомельшчыне ў суботу перад Піліпаўкай (28 лістапада), на Віцебшчыне – у суботу перад днём святога Дзмітрыя Салунскага (8 лістапада). А вось у Гродзенскай вобласці і цэнтральных раёнах Беларусі святкавалі Дзяды 2 лістапада.
– Чаму восеньскія Дзяды называюць Вялікімі?
– Бо ў гэты дзень памінаюць душы ўсіх продкаў роду, а не толькі тых, каго ведалі асабіста ці хто належаў да нейкай пэўнай сям'і. У гэты дзень душы продкаў нябачна выходзяць з могілак і накіроўваюцца ў бок родных хат, таму важным было заклікаць іх да святочнага стала, пачаставаць пахамі смачнай ежы, успомніць іх добрыя ўчынкі, парады, справы.
– Як рыхтаваліся да сустрэчы гасцей з царства мёртвых?
– З раніцы жанчыны прыбіралі ў хаце, мылі падлогу, сталы, на вокны вешалі прыгожыя фіранкі, на абразы новыя набожнікі. Абавязкова наведвалася лазня і на дзядоўскі вечар апраналася свежая святочная вопратка (самаробная і адмыслова вышытая), бо «прыдуць святыя дзяды!»
– Ян нашы продкі вялі сябе за сталом. Якія былі звычаі?
– За сталом старэйшы член сям'і запальваў свечку пад абразамі і разам з іншымі сямейнікамі маліўся за памерлых. Запрашаліся напачатку да стала продкі: «Прыходзьце, дзяды-нарадзіцелі, і старыя, і малыя, да свайго стала, да нашага прыпечка». За стол сядалі праз адно месца, пакідаючы прамежак паміж жывымі для мёртвых, якія будуць сядзець побач. Абавязкова шырока адчынялі дзверы і вокны, уважліва прыслухоўваліся да ціхіх гукаў, шоргатаў, шапацення восеньскай апалай лістоты, рыпення дошак падлогі – нябачныя продкі ідуць! На стол ставілася асобная дзедаўская міска, куды складалі ежу па адной лыжцы з кожнай стравы. «Памяні, Божухна, нашых святых дзядоў! Няхай яны са святымі спачываюць, а нам хлеба-солі засылаюць!» – казаў гаспадар, накладаючы ў яе ежу. Усіх страў павінна была быць няцотная колькасць, але імкнуліся да містычнай лічбы сем. У асобных раёнах Гродзеншчыны ставіўся і асобны кілішак з пітвом.
За сталом была паважная атмасфера, гаварылі толькі пра дзядоў, пра іх добрыя справы. У беларусаў было важна ўспомніць продкаў да дзясятага калена. Своеасаблівай формай ініцыяцыі маладых людзей была іх здольнасць назваць продкаў з пятага калена. Любы дзіўны рух ці невытлумачальны шум у хаце сведчыў пра блізкую прысутнасць мёртвых. Гаспадар, адчуваючы прысутнасць продкаў, шматразова паўтараў услых у час рытуальнага застолля: «Святыя дзяды, завем вас, хадзіце да нас, ляціце да нас, чым толькі хата багата, што ёсць тут – я для вас ахвяраваў! Прыходзьце, дзяды-нарадзіцелі, і старыя, і малыя, хто на гэтай сядзібе жываў, хлеба-солі ядаў! Да свайго стала, да свайго прыпечка хлеба-солі засылайце, каб было чым душу памінаць год ад году, век ад веку! Нашы бацькі сардэчныя, каб ведалі, што нічога не шкадую вам!» Паводле народнага павер'я, улагоджаныя продкі будуць заступацца з таго света за жывых і спрыяць у розных гаспадарчых справах, замовяць слова перад вышэйшымі сіламі за сваіх нашчадкаў.
– Якую ежу звычана ставілі на стол?
– Важна было выпіць тры сімвалічныя чаркі і пакаштаваць не меней за тры святочныя стравы. Абавязковай стравай была куцця – рытуальная каша. У Гродне і яго ваколіцах традыцыйна на стол падавалі смажаную бульбу на сале і каўбасках, грыбы і рыбу, разнастайнае печыва. Пасля памінальнай вячэры ўсе прысутныя ўставалі, а гаспадар развітваўся з гасцямі, адпраўляў іх назад, на той свет: «Святыя дзяды! Паелі, папілі, ідзіце дадому!»
Бліжэй у бок Гродна ежу з дзядоўскай міскі аддавалі жабракам, якія лічыліся сувязнымі паміж светам жывых і мёртвых. У больш даўнія часы рабіліся ахвяраванні «святым вандроўным людзям», гэта значыць паганскаму святарству, якія хадзіді па вёсках, спявалі песні аб гераічным мінулым свайго народа, удзельнічалі ў старажытных народных абрадах. Стол на дзядоўскую ноч не прынята было прыбіраць, бо продкі павінны да раніцы баляваць.
– Што людзі рабілі на наступны дзень?
– Беларусы Гродзеншчыны 3 лістапада ішлі на могілкі, запальвалі свечку і рабілі сімвалічнае застолле з продкамі: на магіле ставіўся кілішак, наліваўся напой і на талерачку клаўся хлеб ці нейкі іншы пачастунак. Напой быў сімвалам дастатку, гэта значыла, што сям'я не галадае і мае магчымасць на свята дазволіць большае. Людзі лічылі, што так не абарвецца сувязь пакаленняў і выкананне такіх звычаяў будзе спрыяць шчасцю.
З распаўсюджаннем хрысціянства на беларускіх землях свята стала прымяркоўвацца да пэўных дзён хрысціянскага календара. Людзі на Вялікія Дзяды памінаюць продкаў, наведваюць магілы, ставяць у храмах засупакойныя свечкі. Як спакон вякоў гараць знічкі на могілках, напамінаючы пра старажытную традыцыю. Так беларусы падтрымліваюць сувязь пакаленняў, выказваюць сваю глыбокую пашану памерлым бацькам, блізкім і далёкім продкам... Святым дзядам!