Пад’ятлы раней называліся Ятлі. Гэта назва згадваецца ў валочнай памеры 1559 г. Вёска знаходзілася каля Трыцэвічаў. У вёсцы была 51 гаспадарка. Згадваліся сяляне Грышко Мацкевіч, Тамко Здановіч, Івашка Жуковіч і іншыя. На кожную гаспадарку прыходзілася па валоцы. У сярэднім мелася па 1-2 коні і 2-4 валы. З вёскі ў Гарадзенскай эканоміі слесарамі служылі Масюк Паскевіч і Сянко Слуска, а Цэйко Мікуліч – гуменнікам. Яны былі вызвалены ад абавязкаў, якія мелі сяляне. Прылічваліся да рамеснікаў. Большасць сялян у вёсцы былі цяглымі. Плацілі яны з валокі па 12 грошаў чыншу і іншыя падаткі, а таксама адпрацоўвалі паншчыну два дні ў тыдзень.
Па інвентару 1578 г. колькасць валок захавалася, як і гаспадарак – 49. Згавадваліся сяляне Аніска Гушчыц, Міхно Кулібач і іншыя. З валокі ўжо плацілі 25 грошаў. Каля вёскі было тры засценкі. Засценак – гэта тып сельскага паселіш-ча, які ўзнік у сярэдзіне XVI ст. у выніку правядзення валочнай памеры. Паводле “Уставы на валокі” 1557 года ворныя землі феадальных маёнткаў падзяляліся на тры часткі, кожная з якіх мела свае межы – сценкі. Землі па-за гэтымі межамі называліся засценкам. Іх арандавалі дробная шляхта (адсюль засцянковая шлях-та) і часткова заможныя сяляне.
У 1559 г. каля вёскі мелі ўладанні пад назвай маёнтак Ятля баяры Янчук, Глебка, Грынашкі. Багдан Глябко прадаў зямлю Міткаўшчына са сваёй часткі маёнтка гродзенскаму шляхцічу Канстанціну Іванавічу Кунцэвічу ў 1571 г. У Кунцэвіча былі браты Фёдар і Марцін. Фёдар займаў пасаду гродзенскага земскага пісара. Марцін ажаніўся з Ганнай Вінскай. З ёй судзіліся Фёдар і Канстанцін з-за невяртанні рэчаў пасля смерці Марціна ў 1578 г. Кунцэвічы карысталіся гербам “Лебедзь”, які меў польскае паходжанне. У гербоўніку XVII ст. была запісана легенда, што герб надаў вялікі князь літоўскі Вітаўт у XIV ст. Жонка Канстанціна – Аўдоцця – была дачкой лабенскага дзяржаўцы Войны Мацвеевіча.
Кунцэвіч нядоўга валодаў маёнткам Ятля. Ён прадаў яго ў 1571 г. жарослаўскаму і лабенскаму намесніку Андрэю Кміце. Пасля Кміты новы ўласнік з’явіўся ў 1582 г. Ім стаў мсціслаўскі шляхціч Сасін Пуцята-Раеўскі.
Польныя Багатыры – вёска ў Гродзенскім раёне, належыць цяпер да Падлабенскага сельсавета. Раней існаваў Багатырскі сельсавет з цэнтрам у вёсцы, які быў утвораны 12 кастрычніка 1940 года ў складзе Сапоцкінскага раёна Беластоцкай вобласці БССР. З 20 верасня 1944 года – у складзе Гродзенскай вобласці, з 10 сакавіка 1959 года – у Гродзенскім раёне. 1 верасня 1959 года Багатырскі сельсавет быў скасаваны. Да 2002 года вёска ўваходзіла ў склад Раціцкага сельсавета, а пасля – у Падлабенскі.
Назва вёскі Багатыры даволі старажытная. Само паходжанне звязваюць са старымі паданнямі. Навукоўцы А. С. Садоўская і Ю. А. Богдан запісалі са слоў жыхаркі вёскі Леанарды Гарацкевіч гісторыю пра паходжанне назвы. Даўно вёска належала пану, які быў дастаткова жорсткім па характару чалавекам, высокім, з чорнымі вачыма. Людзі называлі яго багатыром, але адносіліся з павагай. Ён не любіў злодзеяў і гультаёў, якія пазбягалі працы. Пан дазваляў сялянам на сваім полі пасвіць кароў. Аднак знайшліся людзі, якія захацелі яго забіць і авалодаць усім багаццем. Але былі сярод сялян тыя, якія падтрымалі пана. У выніку адбываліся на полі сутычкі. Перамог пан з паплечнікамі. Каб іх аддзякаваць, пан пабудаваў у полі некалькі хат і дазволіў ім там жыць. А сяляне за такі добры ўчынак назвалі сваё пасяленне Багатыры.
Варта адзначыць, што назва Багатыры сустракаецца ў іншых рэгіёнах Беларусі. Есць вёска Багатырова ў Мінскай вобласці, Багатырэвічы ў Мастоўскім раёне. Відавочна, што прозвішча і назвы паселішчаў звязана са словам “багатыр”. Гэты персанаж сустракаецца ў беларускіх паданнях і казках у значэнні магутны чалавек. Багатыры ўтваралі рэкі, перасоўвалі горы, вытаптвалі азёры, вырывалі дрэвы ды рабілі іншыя незвычайныя рэчы. Слова “багатырка” сустракаецца ў дачыненні да жанчын. У адным з паданняў Лепельшчыны багатырка перамагла волата і яго войска, а затым перакуліла і паставіла ўверх каранямі вялізную елку.
У валочнай памеры за 1559 г. вёска называлася проста Багатыры. Яна межавала з вёскамі Канюхі і Лабна. У Багатырах было 26 гаспадарак. У спісе гаспадароў згадваліся лаўнік Радзівон Сцяцкевіч, лаўнік Панкрат Сцяцкевіч, лаўнік Васіль Гаўрылавіч, Максім і Павел Радзівановічы, Іван і Давід Васілешычы, Якім і Іёў Губарэвічы і іншыя. Кожны гаспадар меў адну валоку зямлі, аднаго ці два кані, два ці тры валы. Большасць жыхароў былі цяглымі сялянамі. Яны плацілі чынш 21 грош і іншыя падаткі, адпрацоўвалі паншчыну два дні ў тыдзень.
Яшчэ ў вёсцы былі машталеры Мікалай і Шыман Якевічы, якія валодалі 2 валокамі. Машталеры займаліся гаспадарскімі канямі. Па статусу яны прыраўноўваліся да рамеснікаў. Па Статуту ВКЛ 1529 г. у выпадку іх забойства злачынца выплачваў сям’і 12 рублёў грошаў, а па Статуту 1588 года 35 коп літоўскіх грошаў.
На 1891 г. у Польных Багатырах пражывала 376 чалавек. Гэта была казённая вёска, дзе дамінавала драўляная забудова. Дамоў было 52, а ў 1903 г. пражывала 300 чалавек. Усе з’яўляліся беларусамі і беларускую мову ўжывалі ў штодзённым жыцці.
Трычы раней мелі назву Трыцэвічы. Яна знаходзілася каля вёсак Адамавічы і Баранавічы. Пражывалі ў ёй сяляне з прозвішчам Трычэвічы, а таксама Янкевічы і іншыя. Верагодна, што і назва вёскі пайшла ад прозвішча сялян. Усяго ў населеным пункце тады было 20 гаспадарак. Адна валока прыходзілася на дойлідскую службу. Дойлідамі былі Грышко і Юрко Янучічы, Мікуць Станькаў. Яны не плацілі падаткі і не выконвалі павіннасці, а працавалі на будаўнічых працах у Гродзенскай эканоміі. У большасці гаспадарак былі па адзін-два валы і каня, а найбольш – 6 каней – меў Вячко Трыцевіч, 6 валоў – Павел Вячковіч, Стась і Павел Янкевічы. Усе сяляне былі цяглыя і плацілі з кожнай валокі па 12 грошай чыншу і іншыя падаткі, а працавалі ў эканоміі два дні ў тыдзень.
У 1578 г. у Трычах таксама было 20 гаспадарак. Сяляне плацілі з валокі па 25 грошаў. Каля вёскі знаходзіўся адзін засценак.
На 1891 г. у Трычах пражывала 376 чалавек. Гэта была казённая вёска з фальваркам Свечыноўна, дзе стаяла 30 драўляных дамоў, а адзін каменны ў фальварку. У 1903 г. пражывала 148 чалавек, усе былі беларусамі і беларускую мову ўжывалі ў штодзённым жыцці.
Тарусічы знаходзіліся на рацэ Татарка. У дакументах вёска падаецца як Тарусавічы, Ласосна Грушэўшчызна, Пшэздзеўшчызна. У XVI XVII стст. вёска ўваходзіла ў ваколіцы, дзе пражывалі татары. У XVI ст. была звязана з вёскай Ласосна. Ёй валодаў шляхецкі род Тарусы. Найбольш верагодна, што ўся тэрыторыя, на якой зараз знаходзяцца дзве вёскі, называлася Ласосна. А Тарусічы пазней атрымалі назву менавіта ад шляхецкага прозвішча Тарусы.
10 валок і 7 моргаў у частцы Тарусічаў, у фальварку Ласосна меў гродзенскі бурмістр Іван Тарасовіч. Яго ўдава Агнешка Мацееўна прадала іх гродзенскаму харужыю Якубу Кунцэвічу і яго жонцы Барбары Фурсаўне ў 1615 г.
Частка Тарусавічаў адносілася да Гродзенскай эканоміі, і яе трымалі ў валоданні Пшэздзецкія з XVI ст., якія паходзілі з Мазовіі. Гродзенскі мешчанін Матэўш Зубрыцкі ад імя жонкі Ганны Зардзецкай падаў скаргу на Паўла Пшэздзецкага з патрабаваннем выплаціць 500 злотых і асобна 50 за шкоды. Яго маці Гальшка Калецкая, жонка Томаша Пшэздзецкага, у 1629 г. заставіла млын у Тарусічах на Ласосне. Сенажаць і грошы на 1639 г. не былі вернуты.
У 1633 г. у Тарусічах, якімі валодалі Пшэздзецкія, была праведзена валочная памера. На тэрыторыі маёнтка знаходзіліся ўладанні гаспадароў, яе падданых, два млынарскіх засценка. Адзін млын трымаў татарын, а другі – сяляне.
Тамаш Пшэздзецкі пакінуў спадчыну свайму сыну Паўлу, а той запісаў 1 000 злотых вена на Тарусічах сваёй жонцы Еве. Гэта было пацверджана яшчэ ў завяшчанні 1643 г. Жонка была пакінута пражываць у маёнтку, а дзеці гадаваліся пры ёй. Пахаваць Тамаш прасіў у гродзенскім бернардынскім касцёле.
Ева валодала Тарусічамі яшчэ ў 1680 г. Пазней вёска патрапіла шляхам продажу да Грушчынскіх, а ад іх – да Якуба Эйсманта, пасля – да гродзенскага войта Стэфана Яўстахія Александровіча. У 1710 г. Тарусічы прададзены гродзенскім францысканцам.
Тарусічы лічыліся як ваколіца. Адтуль у выпадку ваенных дзеянняў павінны былі выставіць двух конных шляхціцаў. На 1891 г. тут пражывала 98 чалавек. Гэта была казённая вёска з 8 драўлянымі будынкамі. Пры ёй была вёска Новікі (97 чалавек, 11 будынкаў), сядзіба дробнай шляхты Тарусічы Каралінскія (15 чалавек, 2 будынкі), сядзіба казённая Навічкі-Борак (5 чалавек, 1 будынак). У 1903 г. пражывалі 258 чалавек. Усе былі запісаны як палякі і ўжывалі ў штодзённым жыцці польскую мову.
Каля вёскі захаваўся вадзяны млын на рацэ Татарка канца ХІХ – пачатку ХХ стст. Яго фота