Колькі іх на нашай роднай Беларусі! Маленькія і вялікія, пры дарогах і ў лясных гушчарах, чый лёс у ваенную часіну стаў аднолькава трагічным.Усе яны сталі сёстрамі, усіх іх з’яднала адно гора, адна гісторыя.
Вескі Пузавічы, Шкленск, Сіні Камень, Полымя, Саламянка, Запур’е, Залясаны, Ятвезь, Горніца…Усе і не пералічыць. У раёне амаль што няма сельсавета, населеныя пункты якога ўцалелі б ад агню карнікаў. На каго ўзнімалася злачынная рука акупантаў? На маленькіх, ні ў чым не вінаватых дзяцей, бездапаможных старых, жанчын…
Гарэлі ў агні вескі… Лілася кроў людзей…
15 ліпеня (паводле іншых звестак 14) веска Пузавічы (цяпер Партызанская) была акружана карнікамі ў пяць гадзін раніцы. Фашысты падпалілі хаты, а яе жыхароў і насельніцтва навакольных хутароў, больш за 500 чалавек, у той страшны дзень расстралялі. Яны забілі маладых жанчын Марыю Лазовік з паўтарамесячным дзіцём, Надзею Былец з двухмесячным дзіцём. Не злітаваліся каты над сіротамі Колем, Валодзей, Лідай Тулінскімі, Шурай і Марыяй Пыксамі, якіх гадавалі ўсёй вёскай. Усе забітыя былі закапаны ў ямах на ўскрайку вёскі. У чэрвені 1944 года пры адступленні акупанты адкапалі ямы, трупы пакідалі ў кучу, аблілі нейкай вадкасцю, абклалі дровамі і падпалілі.
Праз тры дні, 18 ліпеня, у час карнай аперацыі былі знішчаны тры вёскі – Шкленск, Сіні Камень, Полымя. Яны, як і вёска Пузвічы, былі партызанскімі, і распраўляліся з імі асабліва жорстка і бязлітасна. Лёс гэтых вёсак, як і лёс іх жыхароў, падобны: насельніцтва, большасць якога былі дзеці, расстрэльвалі, а хаты палілі. Вёскі пасля вайны не адрадзіліся, усе яны – сёстры знішчанай Хатыні – увекавечаны ў мемарыяльным комплексе «Хатынь».
У Шкленску перад вайной пражывалі 83 чалавекі з чатырма прозвішчамі: Варонкі, Галубы, Гарадзеі, Хохі.У той страшны дзень карнікі спалілі ўсе 17 двароў, 68 яе жыхароў расстралялі. Сярод іх было 38 дзяцей.
Вянзіны, Гірды, Папрукайлы, Ханевічы… Дзеці, жанчыны, старыя з вёскі Сіні Камень. Усяго 19 дзяцейі і 31 дарослы, што загінулі ад куль, 57 спаленых хат. На месцы вёскі, за чатыры кіламетры на паўночны ўсход ад в.Бандары, стаіць абеліск.
Спрадвеку у в. Дземша жыхары мелі прозвішча Дземша. Было сярод іх шмат родзічаў, былі і проста цезкі па прозвішчы. Вёска была невялікая, усяго 39 чалавек налічвалася ў ёй перад пачаткам вайны. У адзін дзень з вескамі Шкленск і Сіні Камень была расстраляна Дземша. Сярод 36 забітых было 19 дзяцей… Адразу пасля вайны на магіле ахвяр фашызму быў пастаўлены помнік.